суббота, 12 сентября 2015 г.

Нататкі пра свята пісьмества ў ліцэі 


Сядзіш у крэсле… Вакол чарга вучняў, якія расаджваюцца па зале. Марыя Іванаўна, нібы аўтаінспектар, рэгулюе паток. 
            “Тут два месцы! – чутна ў зале. Ужо адно”. Хутка ўсе на сваіх месцах, некалькі хвілінак – і праз пярэднія дзверы ўваходзіць Юрый Жыгамонт. Хлопец побач вельмі рады пабачыць яго, нават свеціцца, скача ад шчасця… 
            Зала напаўняецца прыемнымі гукамі дуды, перад вачыма з’яўляюцца вобразы роднага краю, а слухачы, задуменныя, не могуць зварухнуцца. Сапраўды, працінае наскрозь. 
            Дух свята зададзены, і надаецца ўжо агульны тон. Гучаць песні… Спяваюцца песні… Натуральная, жывая мова, “тэкст нараджаецца ў сярэдзіне, унутры гэтых людзей…” – падкрэслівае Юрый Жыгамонт, які ўжо на сцэне. “Я баюся сапсаваць гэтую цудоўную энергетыку, гэтую цудоўную атмасферу, якую стварылі тут, на сцэне, гэтыя шаноўныя людзі”. Не бойцеся, спадар Юрый. Сваёй “цёплай” мовай Вы яшчэ больш аздобіце тую самую “цудоўную энергетыку”. І сапраўды, яго простае паведамленне пра Шчучын, сталіцу Дня пісьменства 2015, канчаткова надае агульны тон святу. Амаль усе ўсміхаюцца. Вельмі светлы чалавек. 
            І вось выходзіць Аліна Агрэніч – выпускніца МДАЛ-а. Цёплае вітанне, некалькі слоў пра сябе і ліцэйскі час. Пачынаецца самае чароўнае, магічнае: чытанне яе вершаў. З першых радкоў паэзія захапляе.
            Што я чую? Што аўтар хацеў сказаць гэтымі ці іншымі радкамі верша? Шукаю адказ і знаходжу яго хутка: “Можа і не трэба шукаць адказы на пытанні зараз. Часам проста неабходна атрымоўваць асалоду ад гучання мовы”. Словы, гукі даходзяць да самаго сэрца. Яно напаўняецца вялікім каханнем, пачынае біцца мацней, і ў гэты момант ты становішся чысцей, душа супакойваецца, зліваецца з целам, а думкі не гучаць у галаве… Катарсіс… 
            Менавіта таму і патрэбны “сустрэчы” з культурай, каб хаця б на гадзінку стаць лепш, чысцей, адчуць уласную прыналежнасць да чагосьці Вялікага. 
            Я даведаўся, што мерапрыемства гэтае праходзіць у ліцэі амаль 10 гадоў. Цудоўная традыцыя, тым больш недарма.


P.S. Я апладырую стоячы. Вялікі Дзякуй!

1 комментарий:

  1. Дзякуй за шчырыя и эмацыйныя словы пра Свята! На жаль, сама не была.... Але так добра ўсё сабе прадставіла, прачытаўшы нататкі. Спадзяюся на працяг гэтай добрай традыцыі ў нашым ліцэі.....

    ОтветитьУдалить