Шаноўнае спадарства!

Я папрасіла вучняў 10 Ж класа падзяліцца эмоцыямі ад наведвання і паэтычнай імпрэзы ў чароўным доме беларускага мастака Ваньковіча. Запрашаю ўсіх наведвальнікаў блога прачытаць нататкі ліцэістаў і далучыцца да абмеркавання.....
ВАЛЕРЫЯ МАНУЙЛЎІНА

Сядзіба Ваньковічаў - гэта не толькі месца, дзе можна ўбачыць палотны вядомага жывапісца Валенція Ваньковіча, гэта ўзор мінскай сядзібы мінулых стагоддзяў і магчымасць пазнаёміцца з побытам дваран і шляхцічаў тых часоў.
Сама экскурсія вельмі захапляльная. Ты цалкам, з галавой, трапляеш у тую дзівосную атмасферу даўніх часоў, часоў маладосці гэтай сядзібы, калі ў ёй яшчэ жыў мастак Ваньковіч, калі яго наведвалі такія Людзі як Ян Дамель, Саніслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - сучаснікі і сябры вядомага жывапісца. Іх постаці і цяпер нібы ажываюць у тым неверагодным асяроддзі дома-музея. Яны зноў і зноў клічуць цябе дакрануцца да старажытных палотнаў, да двухсотгадовага раяля, прайсці яшчэ раз па старых залях, акунуцца ў іх славутую гісторыю... Атрымаць мацнейшыя ўражанні і захаваць іх да наступных сустрэч.
АЛІНА ФІЛІПСОН
Учарашні дзень быў настолькі эмацыйна поўны, што ўвечары амаль увесь 10"Ж" хадзіў з усмешкамі на вуснах!
За адзін дзень столькі ведаў. Спачатку, у адзінаццаць гадзін пачалася навукова-практычная канферэнцыя. Вялікі дзякуй выступоўцам за іх працы. Вельмі цікавымі былі працы Антона Рабенчука пра ваўкоў, Валерыі Альгамец пра яе спадчыну - Давід-Гарадок, Канстанціна Купрынюка пра пана Жыгамонта. І, канешне, даклад госця з Польшчы, добрага ліцэйскага сябра, пана Дзмітрыя Феліксавіча.
А потым мы зноў сустрэліся з польскімі студэнтамі ў доме-музеі Ваньковічаў. Экскурсія была цікавая. Але мне найбольш спадабалася імпрэза, якую зрабіў 10"Ж" клас. Чыталіся вершы М.Багдановіча і сучасных паэтаў. Вялікі дзякуй А.Святлічнаму за музычнае суправаджэнне. Было вельмі шчыра і цепла ў зале.
ШАМАТУЛЬСКАЯ ДАР'Я

ТРУС АЛЕНА
Учора мы былі ў доме-музеі Ваньковічаў. Было вельмі цудоўна. Атмасфера гэтага дома перакінула мяне ў тыя гады. Размова з экскурсаводам была захапляльная. Усе экспанаты былі незвычайныя: ад трубкі, падобнай на кальян, якая мела пах вішні, да прыгожых талерак тых часоў. Цудоўныя жырандолі з выявамі жывёл, вырабы, характэрныя толькі для іх дома, здаліся мне незвычайнымі.

Скончылі імпрэзу цудоўным вершам бацькі нашага польскага сябра, Дзмітрыя Феліксавіча. Дзмітрый Феліксавіч - кандыдат навук, вельмі адукаваны чалавек. Ён вялікі знаўца беларускай мовы. Ён цудоўна чытаў вершы, як на беларускай, так і на рускай мове. У нейкі момант па мне прабеглі дрыжыкі: настолькі вершы расчулілі нас. Увогуле, мне ўсё спадабалася. Я не шкадую, што менавіта нас абралі суправаджаць гасцей з Польшчы ў музей.
ГРЫЧАН УЛАДЗІСЛАЎ

ЮРЧЫК ЛІЗАВЕТА
Ад учарашняга дня ў мяне засталіся глыбокія ўражанні. Перш за ўсё мне падабаўся сам будынак музея, яго архітэктура. Знешні выгляд, аднак, меў значнае адрозненне: пакоі музея былі падобныя да пакояў двевятнаццатага стагоддзя. Некаторыя дэталі стварылі непаўторную атмасферу: невялікі ўрок этыкету з веярамі, шыкоўны раяль і цудоўнае выступленне вучня нашага ліцэя, чытанне вершаў. Мая агульная адзнака застаецца высокай. Усе было вельмі файна.



Комментариев нет:
Отправить комментарий